сто дваццаць год садому
сто дваццаты год няспыннай “даўніны”
той якая знаеш сам ад слова “даўн”
зранку плюшчацца бабулькі й пацаны,
гары потэр ,клара цэткін, ева браўн
у этэры заікаецца ды-джэй
у аблоках завіхаецца пілёт
шчасьце нашае блукае ўсё бліжэй
паміж пушчаў і балот балот балот
пахмяляюцца гарэлкай землякі,
арыштанты машуць кветкамі з-за крат
у нябёсах дэманстрацыя й парад
сэрафімы бэтээры гвазьдзікі
усьміхаецца навокал добры люд,
паліць флягі і халяўную траву
расквітае ў небе радасны салют-
дваццаць залпаў і кантрольны ў галаву
мы пасьля загорнем целы ў цэляфан
бо наперадзе каханьне і любоў
знэрваваны дачакаецца нірван
заклапочаны пазбавіцца клапоў
хай раскіданае ўшчэнт гняздо тваё
пакрысе ператварылася ў дурдом
ды казаў адзін асьвечаны мусьё
трэба дружа апрацоўваць наш садом
гэта заўтра а пакуль аўфвідэрзэйн
добрай ночы любы хлопча баю-бай
хай прысьняцца пакемоны і хусэйн
я жартую сьпі спакойна разьдзяўбай
(с) А.Хадановіч